1. Моя Слобода
  2. Блоги
  3. Блоги
  4. Графоман
  5. Тула и туляки - Блог «Графоман» - MySlo.ru
Тула и туляки

Тула и туляки

Примерно 15 лет вел блог на платформе livejournal.com. За это время накопилось множество заметок, зарисовок, мыслей о Туле и туляках.
По многочисленных заявках публикую некоторые из них.
2003-2004 гг.

Нарэшце сёння я зрабіўся сапраўдным туляком. Рэч у тым, што адна бабулька аддала мне стары латунны тульскі самавар, які валяўся ў яе ў падполлі дзясяцігоддзямі. Аддраіўшы кляймо на накрыўцы прачытаў: Самоварная фабрика "Наше будущее". Первая кооперативная артель.
Эх, начышчу і пастаўлю на кухню выраб з далёкіх дваццатых.:)

 

Дабрэнны сталінскі дом. За суседнім дахам блішчыць залаты шпіль званіцы сабора Усіх святых. Стаю ля адчыненага акна і гляджу ўніз на адно з самых шматлюдных перакрыжаванняў у горадзе. Час пік. Туды-сюды соваюцца легкавухі і маршруткі, радзей аўтобусы. Табунамі на зялёнае святло светлафораў валіць народ. Рабочы дзень скончаны: дамоў.
Па тварах мінакоў цяжка прачытаць настрой, цяжка зразумець, што ў іх пад адзеннем - там дзе мусіць знаходзіцца душа.

Вось з маршруткі выходзіць стройная маладая жанчына гадоў трыццаці. Па ёй не скажаш, што яна няшчасная. Канечне, калі пра яе нічога не ведаеш. А калі ведаеш? Ранняя смерць маці; бацька, які не вельмі яе і любіў; шлюб у сямнаццаць год; выкідыш; нарэшце дачка і развод; новы шлюб і сын. Брак кахання.

А вось кульгае сталая кабета. У кабеты ўсмешка на твары. Яна шчаслівая па жыцці? Цяжка сказаць. Быццам усё ў яе і добра: ёсць добрая кватэра і пенсія, сын, які жыве ў Англіі, дапамагае, але... Але муж быў хадуном па бабах і кінуў яе, брат - п'яніца, сястра пакутуе з мужам-бабнікам.

А вось пан гадоў сарака размаўляе па мабільніку, энэргічна жэстыкулюе і ўсміхаецца нябачнаму суразмоўцу. У пана ўсё о'к?
Усё, калі не лічыць, што маці-алкагалічка кінула яго дзіцёнкам і дзяцінства прайшло ў прытулках. З сям'ёй не склалася першы раз і другі і трэці... Адна радасьць - сын...

Вясна, сонейка, усмешкі мінакоў. Шчасце. Шчасце?
Шчасце.

 

 

 

Тула - адзін з самых брудных гарадоў, мною бачаных. Хаця кажуць, што шмат якія гарады яшчэ бруднейшыя. Цікава, у чысцейшых гарадах лепш прыбіраюць ці проста людзі менш смецяць?

 

 

Пішу, а па тэлеку ў праграме Познера "толкает речь" вядомы тульскі прадпрымальнік і дэпутат Фролов. Нешта там пра законнасць і т.п.
У 93-годзе, калі гэты Фралоў толькі пачынаў, я купіў у ягонай краме телевізар "Гарызонт". Тэлевізар аказаўся з бракам ("добрае", бо беларускае:)), але абмяняць яго мне Фралоў адмовіўся. Такая вось законнасць і такі бізнес.
Праўдарубы і барацьбіты за законнасць, маць іх... Як там Лука казаў "вшывыя блохі" :)))

 

 

Сёння, як звычайна, выправіўся раніцай на працу. Прайшоў паўз некалькі суседніх дамоў, праз будоўлю, перайшоў дарогу і пакрочыў у бок праспекта. Бачу наперадзе каля самага тратуара стаіць чорнае аўта і заднія дзверы расчынены так, што замінаюць прайсці нармалёва па ходніках. І што за ўрод, думаю, замінае люццам шпацыраваць. Падыходжу бліжэй і бачу, што нумар (рэгістрацыйны знак) з расійскім сцяжком, а з салону з пярэдняга фатэлю вылазіць пузаты генерал Каржакоў уласнай персонай у белай кашулі. Вылез, нацягнуў пінжак, бо холад сёння сабачы, і зачыніў дзверы. Праходжу не паказваючы, што пазнаў яго, а ў нос б’е моцны пах генеральскага парфуму. Знаў бы ельцынскі ахоўнік, кім я яго абазваў у думках. І добра, што людзі яшчэ не ўмеюць чужыя думкі чытаць.

 

Трэба пачаць калекцыянаваць аб'явы ў маршрутных таксоўках. Сёння, напрыклад, пабачыў такое: "Автолайн не Билайн. Все входящие платные" :)

 

Жонка са старэйшай хадзілі на імшу. Першы раз з трыццатых гадоў набажэнства адбывалася ў будынку касцёла. Біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які служыў імшу, аж расплакаўся ад радасці.

 

 

Пах... Пах вясны. Ва ўсяго ёсць свой пах, ёсць ён і ў вясны. Які ён? Як яго можна апісаць? Не ведаю. Каб яго апісаць трэба мець талент, а талент гэта ўжо ад Бога. Сядзіць там Стары дзесьці на аблоках і шпурляе гарошынамі таленту на зямлю: на каго трапіць... Але я адыйшоў ад тэмы: вясна.

На вуліцах, быццам тыя кветкі, стракацяць сваім модным адзеннем прыгожыя дзяўчыны і кабеты. Жанчын у горадзе заўважна больш, чым мужчын, ды гэта і зразумела, бо мужчыны ў салонах сваіх аўто, якія запаланілі дарогі.


 

Калі ў цябе няма ворагаў, то спытай сябе ці правільна ты жывеш? :)

 

 

У адной тульскай газеце пабачыў загаловак: У католиков и христиан общий праздник :)

 

За сцяной суседняй кватэры раней чуўся дзіцячы тупат. Потым стала ціха. Учора даведаўся, што там жыла маладая сям'я з дзіцёнкам. Сям'я выправілася некуды на машыне і трапіла ў аварыю. Бацькі дакладна загінулі, а пра лёс дзіцёнка нічога ня ведаю. Вось дзе трагедыя. :(

 

Сёння цэлы дзень лье дождж. Гэта можа дзіўна, але я вельмі люблю такое надвор'е: час рамантыкі, разважанняў, думак і самоты. Калісьці у Стругацкіх я чытаў пра горад, у якім заўжды ідзе дождж. Кажуць, што дождж любяць меланхолікі. Толькі я дакладна не меланхолік, бо мне падабаецца таксама і сонечнае надвор'е: час радасці, руху і энэргіі.

 

22-га. Пачатак Вялікай вайны. Ад Беластока і Брэста нацысты дайшлі да таго месца, дзе зараз стаіць наш дом. Паўтара месяца тут праходзіла лінія фронту і магчыма недзе пад падмуркам у зямлі яшчэ засталося небяспечнае жалеззе. Але тулякі адстаялі свой амаль цалкам аточаны горад і фронт пакаціўся на Захад...

 

У гэтым годзе заўважыў, што практычна ўсе дзеўчыны і жанчыны перасталі насіць спадніцы. Кругом адны штаны, штаны, штаны.
Дзеўкі, пакажыце ногі! Ну нельга ж так.

 

Вяртаўся дамоў. Сустрэў дзяўчыну з цёмна-цёмна-сінім валоссем. Страшней могуць быць толькі в’етнамскія прыгажуні, якія фарбуюць зубы ў чорны колер.

 

Ехаў дамоў і пабачыў шыльду БЕЛАРУССКИЙ ТРИКОТАЖ. Усё ж, жыццё пераможа словари ў рэшце рэшт.

 

Неяк цешча з цесцем паехалі на хаўтуры — хавалі цешчынага дзядзьку. Усё было чынна-благародна. Спачатку нябожчыка адпелі ў галоўнай царкве, а потым павезлі на Мыльную Гару — кладаўё за горадам. Прыехалі, значыць, і о-ба-на! Магілы няма — не выкапалі ямку. Пачалі разбірацца, што да чаго. Аказваецца ў паперах пераблыталі дату і замест "пятага студзеня" напісалі "шостага студзеня". Добра, што пад рукой была машына і дзень быў не выхадны. Паехалі, пхнулі хабар у 1000 рублёў, дамовіліся і закапалі ўсё ж дзядзьку. А іншым, распавядаюць, пашанцавала менш — пакінулі труну з нябожчыкам на могілках нанач незакопанай.

 

Дзён дзесяць таму назад рамантаваў машыну ў аўтасэрвісе. Раптам па двары пранёсся нейкі шэры цень."Мясо побежало", - пракаментаваў аўтаслесар. "Кошка?" - спытаў я. "Крыса", - спакойна адказаў слесар.
А ўчора чытаю самую папаулярную газету ў горадзе і бачу артыкул 

Почему крысы-мутанты нападают на туляков?:
"По приблизительным оценкам специалистов, сейчас на каждого жителя города Тулы приходится 10 крыс!"


Пяць мільёнаў пацукоў на горад! Гэта ўжо занадта. Б-рр-р!

 

Сёння ўвечары вяртаўся з працы дамоў. Наперадзе за дрэвамі пачуліся два хлапкі, якія былі падобныя на ўдары. Так і ёсць: на аўтобусным прыпынку нейкі п'яны бугай б'е дзеўку. Яна хутчэй за ўсё таксама п'яная. І выглядае, што яны знаёмыя ці нават каханкі. М-да, вычварэнскае ў іх каханне. А мінакі не звяртаюць аніякае ўвагі. Біцца я не палез, бо ў нас часта здараецца так, што крайнім потым застаешся ты, а з іх, як з гусі вада. Я проста дастаў мабільнік і набраў 02.

 

Быў сёньня на пошце, на Глаўпаштамце. Стаю ў чарзе, каб адаслаць бандэроль у Беларусь. Наперадзе мяне кабета гадоў сарака, якая пасылае пернікі ў Гродна. Супрацоўніца пошты - маладзенькая дзяўчына. Яна бярэ ў кабеты пернікі і паперку з адрасам, уважліва чытае і пытаецца:
- А Беларусь - это Украина?

Кабета ёй у адказ:

- Нет, не Украина. И даже не Польша.

Чарга даходзіць да мяне. Дзяўчына чытае беларускі адрас, які напісаны па-беларуску і камэнтуе:

- Пишут тут адреса не пойми как, по-украински.

Я пытаюся:

- Может Вам и французский адрес по-русски написать?
- При чем здесь Франция, в Белоруссии ведь адреса и по-русски пишут, а не только по-украински.

 

 

У сувязі з цяперашнімі падзеямі на Украіне ўспомніў, як гадоў сем таму назад выпадак звёў мяне з двумя украінцамі. Мікола і Юра трапілі ў наш горад у якасці гастарбайтараў. Займаліся яны рамонтам двухпакаёвай кватэры нейкага фінасіста маскоўскага мед.інстытута, жылі ў гэтай жа кватэры, якую і рамантавалі. Мікола быў родам з Усходу, з-пад сумскога Ямпаля. Русае валоссе, тыповыя ўсходнеславянскія рысы твару. Размаўляў па-расейску без прыкметнага акцэнту. Юра быў таксама з Ямпаля, але з заходняга - вінніцкага. Цёмны, як малдаванін, гаворка ягоная рэзала слых заходнеўкраінскім вымаўленнем.
Погляды іх на жыццё і гісторыю былі такімі ж рознымі, як і іх вонкавы выгляд.
Мікола бэсціў украінскі герб і сцяг, абзываў іх бандэраўскімі, а Юра наадварот абараняў, казаў што украінскі трызубец быў яшчэ на манетах старажытняга Кіева. Так вось і працавалі яны пасварваючыся. Але не біліся. Разам елі, разам выпівалі. Гісторыя абсалютна рэальная. Дык вось думаю, можа не толькі ўсходні і заходні украінец здольныя цярпець адзін аднаго і жыць пад адным дахам. Можа і абедзве часткі аднае Украіны змогуць і надалей жыць у адной краіне?

 

Праходзіў сёньня паўз Цэнтральны рынак. Пачуў, як нехта пытаўся ў гандляркі ці ёсць у яе "камуфляжные трусы". Хм... Для чаго патрэбны гэтыя камуфляжныя трусы? Ціпа замаскаваць прамежнасць?

 

Неяк размаўляў з бабуляй, якой ужо за дзявяноста. Яна распавядала, як яшчэ да рэвалюцыі, яе бацьку з сям'ёй паслалі з Тулы ў камандзіроўку на завод у нейкі паўднёвы горад. Горад называўся Левер.
"А чаму вы думаеце, што горад быў на поўдні?" - спытаў я. "А зіма там была цёплая", - сказала бабуля, - "мы бегалі па снегу зусім распранутымі".
Думаў я, думаў. Што ж гэта за такі горад Левер на поўдні Расіі? І раптам да мяне дайшло: Рэвель! Гэтак называўся да рэвалюцыі Талін. Вось такі поўдзень.
А бабуля і дасюль не ведае што жыла ў Эстоніі, а не на "поўдні".

 

7 лістапада раніцай сяброўка едзе з пяцігадовым сынам у маршрутцы.На праспэкце "Газель" прыпыняецца, бо наперадзе дэманстрацыя ціпа трудзяшчыхся.
- Мама, пойдем посмотрим зоопарк.
- Это, Паша, не зоопарк.
- А я тебе говорю зоопарк! :)

 

Які хісткі гэты свет, парадак у ім і цывілізаванасць. Пераконваешся ў гэтым, назіраючы за дробязямі жыцця.
Надоечы быў у мясцовым тэхнічным універсітэце. Стаю ў чарзе ў разліковы центр універа, каб аплаціць рахунак за інтэрнет. Чарга налічвае чалавек дваццаць, усе стаяць і чакаюць чынна і благародна. Тут раптам выходзіць супрацоўніца гэтага цэнтру і прамаўляе:
- Кто оплатить счета - заходите.
Праз некалькі секундаў чарга рассыпаецца і люццы бегма да дзвярэй. Каля дзвярэй разліковага цэнтру ўтвараецца корак і даўка. Я ўсё стаю нерухома. Потым падыходжу да гэтага статку і кажу аднаму дзецюку, які займаў чаргу за мной:
- Ну и куда Вы без очереди ломитесь?
- Может еще списки составим? - отвечает он мне.
- Стадо баранов, - кажу я статку, які толькі хвіліну таму нагадваў цывілізаваную чаргу з нармальных культурных людзей. Потым паварочваюся і іду прэч. У такія імгненні прыходзіць разуменне таго, які хісткі гэты свет. А гэта унівэрсітэтская публіка, чаго ўжо чакаць ад рабоча-сялянскай.

Следите за нашими новостями в удобном формате

Перейти в Дзен

Автор:
9 февраля 2021, в 13:31 −19

Главные новости за день в нашей имейл-рассылке

Спасибо, вы успешно оформили подписку.
Произошла ошибка, попробуйте подписаться чуть позже.
Ответ вялому пенсионеру
Ответ вялому пенсионеру
Большое переселение Таксы Рикки и кошки Сени Часть четвертая, финальная Здравствуй Тула!
Большое переселение Таксы Рикки и кошки Сени Часть четвертая, финальная  Здравствуй Тула!

Только главные новости!

Получай уведомления от Myslo.ru о самых важных событиях.